ПЛЕ́ШЧАНІЦКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1943,
баі партыз. брыгад «Народныя мсціўцы» і «Дзядзькі Колі» па разгроме ням.-фаш. гарнізона ў г.п. Плешчаніцы Лагойскага р-на Мінскай вобл. ў сак.—жн. 1943 у Вял. Айч. вайну. Паводле звестак партыз. разведкі ням. гарнізон вясной 1943 пачаў работы для свайго ўзмацнення. Партызаны брыгады «Народныя мсціўцы» неаднаразова спрабавалі перашкодзіць гэтаму: наносілі ўдары па аванпостах, спынялі спробы дэблакіраваць гарнізон звонку, знішчылі мотамеханіз. патруль, нанеслі вял. страты асобаму батальёну СС Дырлевангера, які спрабаваў прарвацца на дапамогу гарнізону. 17 жн. партызаны перакрылі ўсе шляхі да Плешчаніц і ўварваліся ў пасёлак. Адначасова брыгада «Дзядзькі Колі» завязала баі з гарнізонамі на Зембінскім напрамку. У выніку аперацыі гарнізон быў поўнасцю разгромлены, яго дзейнасць спынена больш як на паўгода. Страты партызан — 48 забітымі і параненымі.
У.С.Пасэ.
т. 12, с. 425
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)